КОНКУРС ДАЯРАК ПЕРАТВАРЫЎСЯ Ў СВЯТА

16 ноября 2016 года

Аднавіць традыцыю правядзення на раённым узроўні конкурсу аператараў машыннага даення, які адбыўся днямі ў філіяле «Варатынь» ААТ «БЗТДіА», было вырашана Бабруйскім райвыканкамам. Ідэю заахвоціць лепшых работніц адной з буйных сыравінных зон падтрымала і кіраўніцтва ААТ «Бабушкина крынка» кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка» — непасрэдна дырэктар холдынгу, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.П. Кананчук.

На прадпрыемстве прывыклі праяўляць клопат не толькі пра ўласных работнікаў, але і партнёраў, укараняючы дзеля гэтага ўсемагчымыя сацыяльныя праекты.

Па ўмовах конкурсу ўдзельнікам неабходна было прайсці выпрабаванне па трох заданнях: прадставіць візітку (расказаць пра гаспадарку і сябе), пісьмова адказаць на заданні тэсту, якія датычыліся тэарэтычнага ведання тэхналогій утрымання і даення кароў, і прадэманстраваць засваенне апошняй на практыцы. Для гэтага былі выкарыстаны малочная зала МТФ «Варатынь» — тут было задзейнічана 14 канкурсантак, — і ферма з прывязным утрыманнем кароў, дзе прафмайстэрства дэманстравалі 5 аператараў. Журы ўзначаліў в.а. намесніка начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Кісялёў.

Адкрываючы мерапрыемства, і старшыня журы, і начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Харчанка пажадалі аператарам машыннага даення поспехаў і запэўнілі - незалежна ад таго, якімі будуць вынікі, кожная з прысутных вынясе для сябе станоўчае з мерапрыемства. Бо конкурс праводзіцца не столькі дзеля спаборніцтва, колькі для таго, каб удзельніцы абмяняліся прафесійным вопытам і ўкаранілі яго ў сваёй гаспадарцы.

Калі з першым і другім заданнем жанчыны справіліся хутка, то практычная частка заняла не адну гадзіну. Стоячы на ўваходзе ў малочную залу, шчыра скажу — любавалася нашымі аператарамі. Нягледзячы на хваляванне, якое падчас конкурсу рэдка каго не суправаджае, на нязвыклыя абставіны, жанчыны з упэўненасцю браліся за абсталяванне і зладжана рабілі звыклую справу.

Падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося ў сельскім Доме культуры аг. Варатынь і пачалося з дэгустацыі прадукцыі «Бабушкиной крынки». З шырокім асартыментам тавараў - звыклых і навінак - прысутных пазнаёмілі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце холдынгу Святлана Сташэўская і дырэктар ВУП «Бабруйскмалако» Таццяна Карнілава.

У актавай зале, куды ўсе перамясціліся пасля дэгустацыі, канкурсантак чакаў цэлы шэраг сюрпрызаў. Падзякаваўшы жанчын за нялёгкую і нястомную працу, старшыня райвыканкама Аляксандр Осіпаў завастрыў увагу на значным укладзе, які кожная з іх уносіць на карысць раёна, і выказаў спадзяванне, што далейшая работа даярак будзе болей плённай. Зрабіўшы акцэнт на тым, што ў зале знаходзяцца прафесіяналы сваёй справы, Аляксандр Осіпаў звярнуўся да кіраўнікоў сельгасарганізацый з прапановай - удзельніц конкурсу заахвочваць матэрыяльна на працягу года, і ўручыў кожнай жанчыне падарунак - важкі пакет з прадукцыяй «Бабушкиной крынки». Пераможцы ж конкурсу атрымалі дыпломы ад Бабруйскага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, вымпелы ад прафсаюзнай арганізацыі, а таксама каштоўныя падарункі ад холдынгу «Бабушкина крынка»: пыласосы, мікрахвалявыя печы, мульціваркі. Да таго ж, каштоўных падарункаў ад перапрацоўшчыкаў (электрапрасаў) удастоіліся самая вопытная і самая маладая канкурсанткі. Апошняя таксама атрымала каштоўны прыз ад РК ГА «БРСМ». Не засталіся ў баку ад віншаванняў і работнікі культуры раёна. Іх намаганнямі была падрыхтавана цудоўная канцэртная праграма.

З упэўненасцю можна сказаць, што конкурс прафесійнага майстэрства стаў для аператараў машыннага даення не толькі выпрабаваннем, але і святам. А гэта, на думку арганізатараў, немалаважна: на плячах гэтых жанчын трымаецца цэлая вытворчасць, а калі хочаце — і харчовая бяспека краіны.

Пераможцамі конкурсу прызнаны:

Сярод аператараў машыннага даення, якія ажыццяўляюць сваю работу на МТФ, аснашчаных малакаправодамі:

1-е месца — Валянціна Фісюк (філіял «Варатынь» ААТ «БЗТДіА»),

2-е месца - Валянціна Тарэлка (філіял «Агракамбінат КХП» ААТ «Бабруйскі КХП»),

3-е месца — Святлана Чарнова (ААТ «Неўскі-Агра»).

 

Сярод аператараў машыннага даення, якія ажыццяўляюць сваю работу на МТФ, аснашчаных даільнымі заламі:

1-е месца - Таццяна Філімонава (СВК «Гігант»),

2-е месца - Галіна Валчкова (філіял «Варатынь» ААТ «БЗТДіА»),

3-е месца - Таццяна Шырокая (ААТ «Саўгас Кісялевічы»).

 

У намінацыі «Самы вопытны аператар»: Ірына Няхаева (Бабруйскае ААТ «Аграмашсервіс»).

У намінацыі «Самы малады аператар»: Вольга Шкрадзюк (філіял «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік»).

 

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»

 

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

http://www.tribunapracy.by/2016/11/konkurs-dayarak-peratvaryўsya-ў-svyata/

Версия для печати